En

Беларускія масленічныя традыцыі на выспе Сардынія

Дзякуючы запрашэнню ад асацыяцыі "Грамадзяне свету" і пры фінансавай падтрымцы праграмы "Мост" гурт GUDA прадставіў беларускія масленічныя традыцыі на выспе Сардынія. Выступалі як перад славянскай аўдыторыяй з арганізацыі "Родное слово" падчас святкавання Масленіцы (як мясцовыя тое называлі - славянскі карнавал), так і перад жыхарамі гарадоў Джэноні і Кальяры. Усе адчулі на сабе энергію беларускага фальклору: хтосьці прыслухоўваўся да песень, хтосьці перажыў медытатыўнасць карагодаў, а хтосьці актыўна далучыўся да гульняў і танцаў. Абыякавых не было. Падлеткі ліцэя І.Б.Альберці ўсцешана ўспрынялі спеўны і танцавальны фальклор Беларусі і з задавальненнем удзельнічалі ў мерапрыемстве. Неаднаразова сардынцы адзначалі, што існуе шмат агульнага паміж беларускай і сардынскай традыцыйнымі культурамі. Натхнёныя нашымі танцамі, яны не маглі не падзяліцца з намі сваімі танцавальным традыцыямі. Носьбіты старажытнай мясцовай культуры, яны таксама збіраюць і папулярызуюць адметнасці рэгіёну праз песні, танцы і гісторыі. Неўзабаве тэатральная група Кроджуолі здолее прадэманстраваць сваю творчасць ў Беларусі. Яшчэ адной агульнай рысай паміж Беларуссю і Сардыніяй ёсць тое, што ролю жанчыны ў захаванні і развіцці культуры цяжка пераацаніць, таму мы маем па адной Нобелеўскай лаўрэатцы ў літаратуры). Яднае нашыя краіны і незвычайная гасціннасць, якую мы адчулі як ад арганізатараў, так і ад звычайных мінакоў. Калі вас падвозяць на машыне на Сардыніі, не забудзьцеся пагаманіць з вадзіцелем - ён можа быць гарманістам фальклорнай групы). Дзякуем Ганароваму консулу Джузэпэ Карбоні, праграме "Мост", адміністрацыі г.Джэноні, валанцёрам асацыяцыі "Грамадзяне свету", тэатральнай групе Кроджуолі і цудоўным людзям, з якімі мы камунікавалі, за незвычайную вандроўку і культурнае ўзбагачэнне. Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва і сяброўства.