En

Наведванне Цэнтра вуснай гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта

У выніку наведвання Цэнтра вуснай гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта і актыўных кансультацый з латвійскімі калегамі адбылося дэтальнае азнаямленне з прынцыпамі і метадамі правядзення палявых даследаванняў, спосабамі і тэхналогіямі архівацыі і рэпрэзентацыі палявых матэрыялаў, а таксама юрыдычна-прававымі асаблівасцямі іх увядзення ў навуковы зварот.
У рамках візіта наладжаны прафесійныя кантакты з выкладчыкамі і даследчыкамі гуманітарнага факультэта Даўгаўпілскага ўніверсітэта: Ірэнай Саленіцэ (прафесар, кіраўнік Цэнтра вуснай гісторыі), Элінай Васільевай, дэканам гуманітарнага факультэта, Генрыкам Сомам, прафесарам кафедры гісторыі, Таццянай Кузняцовай, прафесарам кафедры гісторыі і Жанам Бадзінам, доктарам гісторыі.
З беларускага боку, у рамках абмену вопытам, былі падрыхтаваныя дзве адкрытыя лекцыі для студэнтаў і выкладчыкаў гуманітарнага факультэта Даўгаўпілскага ўніверсітэта: “Этнаграфічныя даследаванні Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на тэрыторыі Паўночнай Беларусі ў 1995-2019 гг.” (У. Лобач), “Стараверы Паўночнай Беларусі” (У. Аўсейчык).
Вынікам навукова-метадычнага семінара з латвійскімі калегамі, прысвечанага перспектывам сумесных даследаванняў у рэгіёне беларуска-латвійскага памежжа, стала папярэдняя дамоўленасць адносна рэалізацыі сумеснага праекта “Міграцыйныя працэсы на беларуска-латвійскім памежжы: этна-канфесійны і соцыякультурны аспекты (1940-1070 гг.)”, што прадугледжвае правядзенне сумеснай палявой экспедыцыі на акрэсленай тэрэторыі.
Разгледжана магчымасць стварэння сумеснай летняй этнаграфічнай школы, арыентаванай на падвышэнне прафесійных кампетэнцый беларускіх і латвійскіх студэнтаў гістарычных спецыяльнасцяў у галіне палявой этнаграфіі, вуснай гісторыі і ваенна-гістарычнай антрапалогіі.
Дасягнута дамоўленасць аб удзеле латвійскіх калег у працы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых даследаванняў” (2-3 красавіка 2020 г., г. Полацк).
Навукова-даледчую кампаненту візіта склала праца ў занальным архіве Даўгаўпілса, дзе выяўлены каштоўныя матэрыялы па гісторыі штодзённасці насельніцтва Латгаліі ў 1940-1950 гг.
У рамках культурнай праграмы візіта адбылося азнаямленне з гістарычнымі і культурнымі адметнасцямі г. Даўгаўпілс, наведванне Цэнтра Беларускай культуры, Габрэйскага музея і Этнаграфічнага музея (м. Вабола).


Кіраўнік групы                                                        
Уладзімір Лобач