En

На канферэнцыі “SlaviCorp 2018” у Празе

На канферэнцыі “SlaviCorp 2018” у Празе

У Празе 24–26 верасня праходзіла канферэнцыя “SlaviCorp 2018”
(праграма).
Тэмамі канферэнцыі сталі:
–    стварэнне камп’ютарных лінгвістычных рэсурсаў: корпусаў, слоўнікаў, сродкаў разметкі і інш.;
–    корпусныя даследаванні адной ці некалькіх славянскіх моў;
–    выкарыстанне камп’ютарных лінгвістычных рэсурсаў для лексікаграфіі і выкладання славянскіх моў.
Гэта была чарговая канферэнцыя “SlaviСorp”, якая праводзіцца на базе еўрапейскіх інстытутаў у розных краінах. На канферэнцыю прыехалі спецыялісты з Чэхіі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіны, ЗША, Харватыі, Швецыі і іншых краін. Дзякуючы падтрымцы фонда “Мост”, змаглі паўдзельнічаць і мы. На канферэнцыі мы паказалі сваё даследаванне пра лексічныя кантакты беларускай і рускай моў, зробленае на корпусных дадзеных.
Корпусная лінгвістыка – гэта напрамак навукі, дзе супрацоўнічаюць лінгвісты, праграмісты і іншыя спецыялісты. Такія канферэнцыі, як “SlaviCorp 2018”, вельмі карысныя, бо развіццё корпуснай лінгвістыкі ідзе вельмі хутка і важна ведаць пра праекты, якія зараз распрацоўваюцца ў свеце.
Канешне, беларускім мовазнаўцам давядзецца яшчэ шмат зрабіць у апісанай сферы. Найперш патрэбны паўнавартасны нацыянальны корпус беларускай мовы. І гэта здаецца вырашальнай задачай, бо ўжо ёсць уласныя распрацоўкі, а спецыялісты з іншых дзяржаў гатовы да супрацоўніцтва.
Акрамя прадстаўнікоў навуковых інстытутаў і ВНУ, на канферэнцыю таксама прыехалі ўдзельнікі, якія ўжо не звязаны з акадэмічнымі ўстановамі. Так, Наталля Кацыба і Багдан Маскалеўскі (Украіна) прадставілі лінгвістычную інфраструктуру для ўкраінскай мовы. У вольны ад асноўнай працы час яны разам з іншымі ўдзельнікамі праекта падрыхтавалі шмат карысных для лінгвістаў інструментаў,  у тым ліку корпус на тры мільярды слоў.
На працягу канферэнцыі ўдзельнікі інтэнсіўна і зацікаўлена наладжвалі кантакты, абменьваліся думкамі, дзяліліся карыснымі звесткамі пра асаблівасці славянскіх моў, стварэнне і выкарыстанне корпусаў для лінгвістычных, педагагічных, сацыялагічных і іншых даследаванняў. Падчас канферэнцыі мы пазнаёміліся з цікавымі людзьмі з розных краін. Гэта прафесіяналы, захопленыя сваёй справай. Іх прыклад натхняе на далейшыя даследаванні. Мы былі рады паўдзельнічаць у канферэнцыі “SlaviCorp 2018” у Празе і дзякуем фонду “Мост” за падтрымку.

Мікіта Супрунчук, Вольга Гарыцкая