En

Удзел у летняй школе мастацкага перакладу і прыгожага пісьменства

Штогод, пачынаючы з 2000-га, Універсітэт Усходняй Англіі робіцца пляцоўкай для правядзення Летняй школы мастацкага перакладу і прыгожага пісьменства, арганізаванай на базе Брытанскага цэнтру мастацкага перакладу ў Норыджы, Англія. Сёлета яна праходзіла 21-27 ліпеня.
Я трапіла на падобнае мерапрыемства ўпершыню і, падаецца, да самага ад’езду не магла паверыць свайму шчасцю – столькі там было пісьменніц, перакладчыц, перакладчыкаў, проста цікавых людзей з розных краін, столькі кантактаў, ідэй, натхнення я прывезла дадому!
На Летнюю школу прыехала больш за 70 удзельнікаў і ўдзельніц з розных краін, сярод якіх Канада, ЗША, Францыя, Польшча, Паўднёвая Карэя, Тайланд. Сярод іх былі як прафесійныя перакладчыкі і перакладчыцы, дык і тыя, хто хацеў паспрабаваць сябе ў перакладзе.
Я ўдзельнічала ў секцыі шматмоўнай паэзіі, якой кіравала паэтка, драматург і перакладчыца Клэр Полард. Праца будавалася двума спосабамі: кожны дзень група разбірала некалькі гатовых перакладаў і рабіла адзін групавы пераклад з падрадкоўніка. Групавыя пераклады рабіліся з хіндзі, тайскай мовы, з нямецкай, партугальскай і ісландскай. Досвед гэта даволі асаблівы, перакладаць з незнаёмай мовы, па падрадкоўніку, яшчэ і групай. Але працаваў метад цудоўна, і дзякуючы мнаганацыянальнай групе пераклады ўзбагачаліся.
Акрамя перакладаў, у праграме было некалькі сесій практыкі пісьма пад кіраўніцтвам пісьменніц К. Дж. Орр (K. J. Orr) і Джуліан Пачыка (Julianne Pachico).  
Акрамя гэтага, ладзілася панэльнае абмеркаванне тэндэнцый у выданні перакладной літаратуры, прэзентацыя кнігі албанскай пісьменніцы Эльвіры Донэс (Elvira Dones) «Праклятыя цнатлівіцы» («Swarn Virgins») і дыскусія з пісьменніцай і перакладчыцай Кэйт Брыгз (Kate Briggs) вакол яе эсэ «Гэта маленькае мастацтва» («This Little Art») – актуальны, свежы, энергічны погляд на тое, як чытаць і працаваць з чужымі тэкстамі.
На прэзентацыі вынікаў Школы я прадставіла пераклад верша беларускай паэткі Крысціны Бандурынай «HOMO» і атрымала шматлікія станоўчыя водгукі.
Па вяртанні я адчуваю ў сабе зараз творчай энергіі – перакладаю некалькі вершаў Крысціны Бандурынай на ангельскую мову, якія маюць шанец быць надрукаваным ў часопісе перакладной паэзіі. Прыдбаныя на Школе кантакты таксама стварылі глебу для іншых міжмоўных праектаў.