En

Стажыроўка ў Дамініканскім гістарычным інстытуце г. Кракаў супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Дзякуючы магчымасці, прадстаўленай праектам МОСТ, у перыяд з 3 па 28 чэрвеня я знаходзілася на стажыроўцы ў Дамініканскім гістарычным інстытуце у г. Кракаў (Польшча).
Падчас стажыроўкі была праведзена шматвектарная праца: як пошукава-навуковая ў архівах і бібліятэках г. Кракава, так і арганізацыйная.
Пошукава-навуковая праца вялася ў бібліятэцы Дамініканскага гістарычнага інстытута і калегіума аа. дамініканцаў у Кракаве, бібліятэцы і архіве ксяндзоў місіянераў у Кракаве на Страдаме, архіве правінцыі Паўднёвай Польшчы Таварыства Езуса (езуітаў), архіве Кракаўскай правінцыі капуцынаў. Падчас працы была пашырана гістарыяграфічная база па тэме даследавання, выяўлены новыя дакументы, якія будуць уведзены ў навуковы зварот. Акрамя гэтага была магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй работы касцёльных архіваў, і вызначэння далейшых накірункаў даследаванняў з улікам наяўных у іх матэрыялаў.
Акрамя каталіцкіх, пошукава-навуковая праца вялася ў дзяржаўных архівах і бібліятэках: Ягелонскай бібліятэцы, бібліятэцы Чартарыйскіх, бібліятэцы Польскай акадэміі навук. Праца ў гэтых установах таксама дапамагла выявіць новыя гістарыяграфічныя і дакументальныя пазіцыі, выкарыстанне якіх у значнай ступені зможа ўзбагаціць даследчую працу і навуковыя тэксты.
“Арганізацыйны вектар” працы палягаў на сустрэчах і знаёмствах з калегамі, даследчыкамі канфесійнай гісторыі, абмеркаванні магчымых накірункаў супрацоўніцтва (удзел у канферэнцыях і навуковых праектах, рэцэнзаванні часопісаў, выступленні з лекцыямі для студэнтаў). У выніку было атрымана запрашэнне да ўдзелу ў канферэнцыях, арганізаваных Дамініканскім гістарычным інстытутам, прыезду з лекцыяй ў якасці запрошанага выкладчыка ў Папскі тэалагічны ўніверсітэт Яна Паўла ІІ, а таксама да напісання сумесных публікацый (напрыклад, у Польскі біяграфічны слоўнік).
Выдатная арганізацыя стажыроўкі з боку праекта МОСТ дала магчымасць правядзення плённай і выніковай працы. Выказваю вялікую падзяку арганізатарам праекту.

Р.У. Зянюк