En

Падарожжа па музеях у горадзе Франкфурт-на-Майне

Падарожжа па музеях у горадзе Франкфурт-на-Майне

Дзякуючы міжнароднаму праекту ЕС МОSТ з 14 па 20 кастрычніка супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, здзейснілі падарожжа па музеях у горадзе Франкфурт-на-Майне. Група ў складзе загадчыцы экспазіцыйнага аддзела Сасноўскай Веранікі Уладзіміраўны, загадчыцы інфармацыйна-выставачнага аддзела Аўчыннікавай Дар’і Максімаўны, навуковага супрацоўніка экспазіцыйнага аддзела Грынь Дануты Васільеўны наведала Гістарычны музей Франкфурта, Габрэйскі музей у г. Франкфурце, Музей камунікацый, краязнаўчы музей у г. Дармштат. Асноўная мэта паездкі заключалася ў перайманні вопыту сучасных еўрапейскіх музеяў па стварэнні пастаянных экспазіцый, якія адказваюць на патрабаванні ХХІ стагоддзя: актуальнасць, інклюзіўнасць, канцэптуальнасць, мультымедыйнасць і іншае. У часе наведвання музеяў была прэзентавана канцэпцыя новага будынка і экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з наступным абмеркаваннем надзённых пытанняў пры ўзвядзенні музейных будынкаў. Былі закрануты тэмы архітэктурна-мастацкага рашэння, тэматыка-экспазіцыйных планаў, канцэпцыяў, мультымедыйных, экспазіцыйных і дызайнерскіх прыёмаў, таксама быў праведзены параўнальны аналіз аналагічнай работы ў музеях г. Франкфурта. Выказваем удзячнасць кіраўнікам і каардынатарам праграмы мабільнасці MOST за магчымасць павышэння кваліфікацыі і развіцця прафесійных кантактаў.