En

Беларускія літаратары на Франкфурцкай кніжнай выставе

Frankfurter Buchmesse (Франкфурцкая кніжная выстава) – найбуйнейшы ў сьвеце форум выдаўцоў, аўтараў, літагентаў і ўсіх тых, хто прафэсійна займаецца літаратурай. Найбуйнейшы – і найстарэйшы: гісторыя гэтага кірмаша сягае ажно ў Сярэднявечча, ужо ў ХV стагодзьдзі ў Франкфурце зьбіраліся майстры кнігі, каб падзяліцца сакрэтамі рамяства і пахваліцца ўзорамі сваёй працы. Сёлетняя выстава прайшла 16-20 кастрычніка і сабрала тысячы спэцыялістаў з усяго сьвету, а таксама, як і заўсёды, сотні тысяч наведнікаў зь Нямеччыны і больш чым ста іншых краін. Ганаровай госьцяй выставы ў 2019 годзе стала Нарвэгія. Цягам пяці дзён у адмысловым павільёне, а таксама на іншых пляцоўках можна было азнаёміцца з тым, чым жыве сёньня нарвэская літаратура і як выглядае сучаснае нарэскае кнігадрукаваньне. Пры гэтым на выставе былі прадстаўленыя ня толькі кнігі на букмоле і нюнорск, якія зьяўляюцца афіцыйнымі мовамі Нарвэгіі, а таксама падборка кніг па-саамску. У сёлетняй выставе ўзялі ўдзел і двое беларускіх аўтараў: пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч і паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева. Літаратары прэзэнтавалі свае кнігі, якія сёлета выйшлі па-нямецку ў бэрлінскім выдавецтве edition.FOTOtapeta: зборнік эсэ Альгерда Бахарэвіча “Berlin, Paris und das Dorf“ і кнігу паэзіі Юлі Цімафеевай “Zirkus“ (перакладчыкі Томас Вайлер і Ціна Вюншман). Прэзэнтацыі прайшлі ў межах выставы на стэндзе выдавецтва і ў франкфурцкай кнігарні “Weltenleser“. Удзел беларускіх аўтараў зрабіўся магчымым дзякуючы праграме эўрапейскага супрацоўніцтва МОСТ. Слова аўтарам: Альгерд Бахарэвіч: “Беларуская літаратура ніколі не была шырока прадстаўленая ў Нямеччыне, выхад кожнай кнігі ў нямецкім перакладзе – падзея для беларуска-нямецкіх літаратурных сувязяў. Прыемна, што такія падзеі маюць падтрымку. Дзякуючы праграме МОСТ мы змаглі прадставіць уласную творчасьць нямецкаму чытачу, а таксама расказаць зацікаўленым прафэсіяналам пра сучасную беларускую літаратуру, пра моўную сытуацыю ў краіне, пра гісторыю Беларусі і, спадзяюся, зацікавіць гэтым самых розных людзей. Выстава ў Франфкфурце – унікальная магчымасьць даведацца, чым жыве літаратурны рынак і сусьветная літаратура наогул і ўсьведамляць сябе ў больш шырокім кантэксьце”. Юля Цімафеева: “Для мяне выстава стала выдатнай магчымасьцю ня толькі прэзэнтаваць сваю кнігу, але і даведацца пра сучасныя тэндэнцыі ў кнігавыданьні, напрыклад, у дзіцячай кніжнай ілюстрацыі. Я перакладаю ў асноўным з ангельскай мовы, але нядаўна пачала таксама працаваць з нарвэскай мовай, якую вывучаю цяпер у Менску. Дзякуй праекту МОСТ – яго падтрымка дазволіла бліжжэй пазнаёміцца з сучаснай нарвэскай літаратурай. У нарвэскім павільёне цягам пяці дзён праходзілі вельмі цікавыя для мяне дыскусіі і літаратурныя чытаньні з удзелам найлепшых аўтараў, якія шмат што далі мне як аўтарцы і перакладчыцы. Да таго ж на выставе мы ўсталявалі новыя кантакты зь нямецкімі выдаўцамі і кнігагандлярамі і цяпер у нашых плянах – новыя літаратурныя падарожжы, а магчыма, і новыя пераклады”.